СЕ́ННЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў 1941—44 на тэр. Сенненскага р-на Віцебскай вобл. пад кіраўніцтвам Сенненскіх падп. райкомаў ЛКСМБ і КП(б)Б. У 1943 налічвала 40 арг-цый і груп (170 чал.): 7 груп у г. Сянно (кіраўнікі Ф.Я.Кудрашоў, А.Я.Ушацкая, Э.К.Гарнакова, Н.Крылова), у вёсках Асінаўка (М.П.Бараноўскі, Я.Г.Кучка, Л.П.Бараноўская), Буй (Радкевіч), Буйнічкава (Я.Магера), Бурбін (Л.І.Сяліцкі, Ф.Аўдзееў), Відокі (М.М.Каламеец), Воўсішча (Н.Куляшова, Г.У.Ляхоўская), Вял. Сяло (М. і В.Красоўскія), Вял. Азярэцк (В.Тарасевіч), Гарывец (Н.С.Валадкевіч), Дубнякі (В.Ляўко), Замошша (У.Радкевіч, А.Фіткевіч), Кажамякі (М.Шаўлік), Каміншчына (А.Марцінкевіч), Капланы (І.Ф.Дунец), Клімавічы (Л.Мізаўцова), Курэйшына (А.П.Лявонаў), Латыгаль (В.П.Карпушэнка), Лук’янава (І.Глякаў), Малешы (К.Кандрашоў), Маргойцы (Р.Пракаповіч, Г.Гаралёва), Міхалполле (М.Б.Гарнявецкі), Міцюкова (І.Казырэўскі), Новая Беліца (П.Васільеў, У.Рачонак, Д.Бурак), Нямойта (М.Гутарэвіч, Т.Зайцаў, Н.Занько), саўгас «Полымя» (Г.У.Ляхоўская, А.Хадорык), Поўзікі (Н.С.Валадкевіч, В.К.Шыдлоўская), Прыветак (Л.С.Кацар, М.Дзмітраковіч), Пурплева (І.Жагула), Расходнава (П.Лябецкі, Н.Юрша), Рудніца (М.Тамашэўскі, М.Воранаў), Савінічы (А.І.Стук, Р.М.Латышава), Сукрамна (Н.Мяцеліца), Сычова (М.В.Тарасевіч), Тухінка (Л.Яроменка), Ульянавічы (У.М.Бяляеў, П.В.Кацар, В.С.Блажкоў, У.Скапа, М.Дольскі) і інш. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, вопратку, разведданыя, праводзілі дыверсіі. Пад іх уплывам адбыўся масавы пераход паліцэйскіх у партызаны. З набліжэннем фронту падпальшчыкі далучыліся да партызан.
В.В.Бандарэвіч.
т. 14, с. 329